Сцепаноўскі А.І., Ігнатоўская Т.В. Юрыстаў шмат, прафесіяналаў мала! Топ Пярсона. № 22 (70)*, 09.06.08

Аб тым, што нашы вну сёння выпускаюць юрыстаў больш, чым таго патрабуе рэчаіснасць, ужо гаварылася нямала. Але, як ні дзіўна, колькасць не гарантуе якасць: прафесіяналаў па-ранейшаму катастрафічна не хапае. Чаму ж так адбываецца? Аб прабелах у адукацыі, аб асаблівасцях працы юрыстаў і аб кар'еры ў прафесіі распавядуць Аляксандр Сцепаноўскі і Таццяна Ігнатоўская - партнёры юрыдычнай фірмы "Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры"
АБ КАМПАНІІ
Юрыдычная фірма “Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры” ТАА заснаваная восенню 2006 года шляхам аб’яднання прафесіянальных юрыстаў, якія працуюць больш за 13 год у межах юрыдычнай кампаніі “Апіцэс Юрыс” ТАА і ў індывідуальным парадку. Сення у штаце кампаніі налічваецца 17 юрыстаў.
АЛЯКСАНДР СЦЕПАНОЎСКІ, кіруючы партнер, дырэктар
У 1992г. скончыў юрыдычны факультэт БДУ, спецыялізацыя-гаспадарчае права.
Дадатковая адукацыя: курс "Менеджмент" Адкрытага брытанскага універсітэта, 2000 год, курс “Фінансы” Адкрытага брытанскага універсітэта 2002 год.
Член Кіраўніцтва Беларускага грамадскага аб'яднання юрыстаў-гаспадарнікаў (БелГАЮГ).
ТАЦЦЯНА ІГНАТОЎСКАЯ, партнёр, кіраўнік камярцыйнай практыкі
Скончыла юрыдычны факультэт БДУ.
Дадатковая адукацыя: магістратура Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта (г.Вільнюс, Літва), спецыялізацыя: міжнароднае права, еўрапейскае права (цяп.час).
Член Кансультыўнага савету Беларускага грамадскага аб'яднання юрыстаў-гаспадарнікаў (БелГАЮГ).
ДЗВЕ ВЯЛІКІЯ РОЗНІЦЫ
Аляксандр Сцепаноўскі: Для пачатку варта вызначыцца з паняццямі. Юрыст і юрысконсульт - гэта абсалютна розныя паняцці. Спадарства, якое прыходзіць да нас на гутарку, часта гэтага не разумее. Адна справа - працаваць юрысконсультам у кампаніі, і зусім іншае быць кансультантам па працы з кліентамі ў юрыдычнай фірме. У юрысконсульта адзін кліент - сам наймальнік, які, дарэчы, таксама павінен атрымоўваць якасны прадукт. Але гэта іншая праца. У юрыдычнай фірме мы не толькі прадаем свае прафесійныя веды, але і займаемся сэрвісам, абслугоўваннем кліентаў. Для многіх гэта сапраўднае адкрыццё: я буду аказваць паслугу?!
Штатныя юрысты павінны вырашаць штатныя задачы, унутраныя пытанні. Мы ж займаемся сітуацыямі, стандартнымі для нас, і не зусім стандартнымі для кліента. Напрыклад, паўстала нейкая спрэчка - штатны юрыст не ведае, як вырашыць гэту праблему, тады кампанія і звяртаецца да нас. Або хтосьці кагосьці жадае купіць… Для іх гэта нестандартная сітуацыя, для нас - звыклая, парою, руцінная праца.
“ШУКАЮЧЫЯ” НАМ НЕ ПАТРЭБНЫ!”
Таццяна Ігнатоўская: Мы прад'яўляем да суіскальніка досыць стандартныя патрабаванні. Нам патрэбныя кампетэнтныя супрацоўнікі, якія маюць магчымасць самастойнай працы з кліентамі, умеюць працаваць па сучасных стандартах абслугоўвання. У гэты сегмент трапляюць юрысты, якія маюць як мінімум трохгадовы досвед працы. Яны павінны альбо ўжо мець сведчанне аб атэстацыі, якое дазваляе наўпрост аказваць паслугі кліентам, альбо быць гатовымі, прыходзячы да нас, падобную атэстацыю прайсці. Гэта абавязковае патрабаванне Міністэрства юстыцыі да аказання прафесійных юрыдычных паслуг. Неабходна таксама добра ведаць наш рынак. А яшчэ трэба быць скурпулёзным у дэталях. Нават прапушчаная літара ў дакуменце - сур'ёзны ўдар па прафесіяналізму. Але быць занудай на працы не значыць быць занудай па жыцці.
Сёння сапраўды існуе праблема ў пошуку адэкватных юрыстаў. Абдумваючы гэты момант, мы прыйшлі да высновы, што нам не патрэбны людзі, якія шукаюць працу. Усе тыя рэзюмэ, якія з'яўляюцца на тым жа tut.by або іншых рэсурсах, маюць нейкую цыклічнасць паўтораў. Усе гэтыя людзі, як правіла, ужо вядомыя. Гэта або тыя, хто, знаходзіцца ў "шэрым" сегменце рынку, шукае сабе кліентаў на няпоўную загрузку або тыя, хто не прыжываецца на адным месцы і знаходзіцца ў вечным пошуку.
А.С.: Мне вельмі хочацца, каб праца ў нашай кампаніі, у першую чаргу, прыносіла задавальненне. Асабіста я працую менавіта так. Я атрымоўваю вялікае задавальненне ад працы і практычна заўсёды - ад зносінаў з калегамі і кліентамі. Наш супрацоўнік павінен імкнуцца быць лепшым у сваёй справе, і пры гэтым стасавацца з тым, што мы робім: ва ўнутраныя і ў знешнія адносіны. Павінен быць не толькі прафесіяналам, але і дакладна разумець свае задачы, сваю місію. Кліент не валодае ведамі ў юрыспрудэнцыі, і менавіта з нашай дапамогай спрабуе разабрацца ў сваёй праблеме. Але ён сам не ў сілах ацаніць наш прафесіяналізм, а ацэньвае, першым чынам, знешнія фактары: як мы з ім падтрымліваем сувязь, як уводзімы яго ў курс справы, як вядзем яго праблему, наколькі мы ветлівыя і прыстойна апранутыя. Усе гэтыя моманты ўплываюць на адзнаку нашай дзейнасці. Многія суіскальнікі, нажаль, гэтага не разумеюць.
Чым больш паспяховы кожны з нас, тым больш паспяховыя мы ўсё разам. Чалавек павінен умець працаваць у камандзе, працаваць з кліентам і працаваць на сваю кар'еру!
Мы гатовы вучыць усяму тых, у каго ёсць непадробная цікавасць да працы, нават калі прафесіяналізму пакуль не хапае. Галоўнае - жаданне. Але калі ты разумееш, што гэта не тваё, табе нецікава - шукай іншае месца.
МОЛАДА-ЗЕЛЕНА
Т.І.: Штогод у нас выпускаецца больш трох тысячаў юрыстаў. Я не магу сказаць, што сярод іх няма таленавітых або патэнцыяльна паспяховых. Яны, безумоўна, ёсць, але ім патрэбна добрая практыка і дадатковае навучанне. Мы 4 годы запар прымаем ўдзел у праэкце рэспубліканскай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды на базе юрыдычнага факультэта БДУ, і я ганаруся нашым дачыненнем да гэтага праекту. У гэтым мерапрыемстве прымаюць удзел лепшыя студэнты рэспублікі. І усё роўна мы бачым відавочныя праблемы: студэнты не ведаюць прафесійнай тэрміналогіі, не валодаюць беларускай мовай, даволі вузка думаюць. Для таго каб хоць пару чалавек "зрабіць лепш", мы пару раз прымалі ўдзел у"майстар-класах" для студэнтаў юрфака БДУ , якія праводзяцца ў межах БелГАЮГ. І нам не важна, ці прыйдуць яны пасля гэтага працаваць да нас або проста будуць адукаванымі службоўцамі з рухомым мысленнем або нашымі калегамі, якіх мы сустрэнем на процілеглым баку ў судовым працэсе або перамовах.
А.С.: Юрыстаў шмат, прафесіяналаў мала! Сёння існуе вялікая праблема падрыхтоўкі спецыялістаў-юрыстаў. Так, у нас нядрэнная тэарэтычная база, але некаторыя элементарныя рэчы дагэтуль застаюцца сур'ёзнымі прабеламі ў прафесійнай адукацыі. Студэнты ў прынцыпе недастаткова матываваныя на тое, што шэраг прадметаў - гэта база ў прафесіі, іх проста ТРЭБА ведаць, на іх ТРЭБА прысутнічаць. Адзін мой калега распавядаў у свай час прафесійную байку аб тым, што першае пытанне, зададзенае на гутарцы, гучала як "Што такое ўзгода?" - пытанне, прама ўрэгуляванае Грамадзянскім кодэксам. 80 % рэспандэнтаў пасля яго атрымоўваюць ветлівы адказ "дзякуй, што прыйшлі" і "да спаткання". Няма ў студэнтаў, як правіла, разумення важнасці і каштоўнасці базавых асноў цывільнага права. Па ўзроўні і сутнасці пытання мала хто са студэнтаў добра валодае элементарнай прафесійнай тэорыяй, а тым больш практыкай. Выпускнікі выходзяць з вну без ніякага ўяўлення, напрыклад, аб тым, як скласці і напісаць дакумент, у адрозненне ад заходніх або амерыканскіх студэнтаў-юрыстаў, якія прадмет legal writing вывучаюць на працягу некалькіх гадоў у якасці аднай з асноўных навучальных дысцыплінаў. Няма выразнага дзялення на спецыялізацыі ў працэсе навучання.
ЭКСПЕРТ ….ПА КАНЯХ
А.С.: Юрысты, якія жадаюць дасягнуць у жыцці шмат чаго, гараць сваёй працай, бачаць перад сабой мэты і спосабы іх рэалізацыі - абавязкова дасягнуць поспеху. У нашай прафесіі гэта магчыма, і не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, нават маючы беларускую юрыдычную адукацыю. Шэраг нашых калег, якія уехалі за мяжу, зрабілі бліскучую кар'еру, сталі партнёрамі міжнародных юрыдычных фірм.
А для таго, каб стаць не проста паспяховым юрыстам, але і запатрабаваным, трэба быць сапраўдным экспертам у той галіне, на якой ты спецыялізуешся. Сёння такая колькасць сфер бізнесу і заканадаўчай базы для кожнай з іх, што запатрабаванасць ў "вузкіх" прафесіяналах вельмі вялікая. Дасягаючы вызначанай ступені, заваёўваючы імідж унікальнага эксперта, юрыст здольны дасягнуць піка сваёй кар'еры.
Вось яскравы прыклад. На адной з замежных канферэнцый нам распавядалі аб юрысце, які займаецца выключна абслугоўваннем здзелак … з канямі. Ён ведае аб гэтых жывёлінах і аб здзелках з імі літаральна ўсё. Мы спачатку пасмяяліся - ці шмат знойдзецца ў яго кліентаў, а потым паглядзелі на яго інтэрнэт-сайце, колькі каштуюць яго паслугі... Гэта неймаверныя сумы за гадзіну працы. Безумоўна, чым больш вузкай у плане спецыялізацыі становіцца праца  юрыста, тым менш у яго кліентаў, але тым вышэй каштоўнасць яго кансультацый па такіх пытаннях. Вядома, у Беларусі стаць мільянерам за кошт аказання юрыдычных паслугаў пакуль немагчыма. А вось за мяжой - гэта рэальна. Але там юрысты працуюць па 12-16 гадзінаў у дзень - па-іншаму нельга, у нашай прафесіі гэта норма. Гэта адзіны мінус у нашай працы, але мы былі да гэтага гатовы першапачаткова, а таму прызвычаіліся так працаваць. Прафесіяналізм - гэта крышачку таленту і шмат працы!
КАР’ЕРЫСТ-ГЭТА ДОБРА….
Т.І.: Некаторыя нашы калегі мяркуюць, што прыходзячы працаваць у юрыдычную кампанію, ты губляеш сябе як юрыста, як прафесіянала, які індывідуальна развіваецца, губляеш сваё імя і працуеш толькі за шыльдай кампаніі. Гэта далёка не так. Наадварот! Працуючы ў межах фірмы, якая зарэкамендавала сябе, ты атрымоўваеш магчымасць развівацца і "зарабляць" сабе імя, было б жаданне. Кампанія - гэта пляцоўка для ўдзелу ў любых праектах і мерапрыемствах. Я ужо каля 12 гадоў працую ў прафесійнай сферы, і досыць доўга працавала самастойна. Але потым зразумела: якім бы ты добрым юрыстам і прафесіяналам ні быў, наколькі бы каштоўныя не былі твае прафесійныя кансультацыі, ніколі буйныя кампаніі не будуць працаваць з індывідуальным прадпрымальнікам - прыватна- практыкуючым юрыстам. Для іх важна, каб юрыдычная фірма была, па-першае, прызнанай на рынку (у тым ліку, сур'ёзнымі міжнароднымі рэйтынгамі), па-другое, мела стаж і досвед працы з вызначанымі праектамі.
А.С.: Мы вызначана ставім пытанне росту нашых супрацоўнікаў, выдатна ставімся да амбіцыйных людзей. Кар'ерыст - гэтае добрае слова, прынамсі, у нашым бізнэсе і ў нашай Кампаніі, дзе ўсё завязана на адносінах. Мы робім усё для таго, каб чалавек, які прыходзіць да нас, бачыў рэальную мэту для сябе: прапануем пасаду, годную аплату, перспектыву кар'ернага росту аж да ўдзелу ў партнёрстве. Безумоўна, для партнёрства нашаму супрацоўніку неабходна досыць шмат працаваць і развіваць сябе, сваю практыку, прыцягваць новых Кліентаў і развіваць маладых супрацоўнікаў.
З вышыні досведу я разумею, што прафесійны і кар'ерны рост звязаныя з цікавасцю да працы. Калі яна ёсць, калі юрыст акрэслена бачыць свае мэты, у яго ёсць рэальны шанец зрабіць добрую кар'еру ў сваёй справе. Мне падаецца, што праца менавіта ў юрыдычнай кампаніі - найлепшая пляцоўка каб зрабіць кар'еру. Прынамсі, так лічаць ува ўсім цывілізаваным свеце. Але ў любым выпадку, галоўнае - якую мэту ты перад сабою ставіш і чым гатовы ахвяраваць дзеля яе дасягнення. У юрыдычнай фірме павінны працаваць людзі, у якіх хобі і праца супадаюць! Вось калі яны перастануць супадаць - можна сыйсці юрысконсультам на прадпрыемства.
 
Занатавала Юлія Мудрэўская